Адкрыццё выставы «Падарожжа па традыцыйным інструментам з Германам Бандарэнка» / Ноч музеяў 2021

Штогод 18 мая праходзіць міжнародная акцыя «Ноч музеяў». У гэты дзень Сенненскі гісторыка-краязнаўчы музей дзесяты раз адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў. Тэма сенненскай «музейнай ночы-2021» – «Жывыя крыніцы народных традыцый».

Свята ў музеі пачалося ў 10.00. Напрацягу дня была магчымасць бясплатна наведаць выставу «INSITUS– 2020», на якой размешчаны творы  мастакоў Віцебшчыны. Выстава наіўнага мастацтва, якое прызнана гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі, прысвечана 380-годдзю са дня нараджэння рэзчыка і пячатніка Васіля Кораня, стваральніка Бібліі ў малюнках для народа.

У 17.20 у музеі адкрылася выстава «Падарожжа па традыцыйных музычных інструментах з Германам Бандарэнка». Дуда, бубен, балалайка, скрыпка, гармонік – далёка не ўвесь пералік інструментаў, размешчаных на выставе. Сярод іх ёсць і унікальныя, напрыклад, сурма - старажытнейшы і магічны інструмент пастухоў Смаленшчыны і Беларусі.  Аўтар выставы – Герман Бандарэнка, які экспануе музычныя інструменты як беларускія, так суседніх краін – рускія і украінскія.

Аўтар выставы расказаў, паказаў і сыграў на амаль забытых этна-інструментах. Пад іх акампанемент Герман у дуэце з Аляксандрам Атрошкіным выканалі музычныя нумары.

Падарожжа ў свет народных музычных інструментаў праходзіла ў інтэрактыўна-пазнавальнай форме. У ходзе мерапрыемства вялася размова з аўтарам выставы і аўдыторыяй. Відэаролікі і мультымедыйныя прэзентацыі з цікавымі фактамі дапамаглі больш падрабязна даведацца аб гісторыі гэтых прадметаў. Прагучалі добрыя словы ў адрас Германа ад метадыста Сенненскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Дзмітрыя Зайко і пробашча каталіцкай парафіі Сянно Міхаіла Ермашкевіча. Музычнае віншаванне ўсім прысутным падарыла Анастасія Белко. 

Такая выстава – не што іншае, як адраджэнне і папулярызацыя гісторыка-культурнай спадчыны Сенненшчыны. Таму што менавіта на малой радзіме Герман Бандарэнка пачынае развіваць і прапагандаваць народныя музычныя інструменты, якія гучалі некалі на сенненскай зямлі.

 «Ноч музеяў-2021» у Сянно закончылася ў 22 гадзіны. Мерапрыемства падарыла надзею на новыя сустрэчы і спадзяванне на тое, што крыніцы таленту неўзабаве ператворацца ў сапраўдны вялікі фестываль народных умельцаў, які паклаў бы пачатак новай традыцыі на Сенненшчыне.

901